Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Экскурсія "Пад стрэхамі продкаў"



ЗМЕСТ

Тэхналагічная карта экскурсіі «Пад стрэхамі продкаў
Уводзіны
Карта-схема маршруту экскурсіі
Асноўны змест экскурсіі
1. Прадмесце Грушаўка  
2.  Супрацьпажарны цагляны брандмаўэр XIX - пачатку XX стст. (Вуліца Разінская, дд. №№ 48-50)
3.  Грушаўка - адна са ваколіц старэйшых працоўных Мінска. (Вуліца Разінская, д. № 43)
4.  Дамы з флігелямі пач.XX ст. (Вуліца Разінская, дд. №№ 41, 31)
5.  Маўклівыя сведкі гісторыі сям’яў Ліхмановіч і Асвенцымскіх. (Вуліца Разінская, д. № 20)
6.  Забудова Разінскай (да 1922 года Іосіфаўскай) вуліцы канца  XIX ст.  – 1917 года
7.  Разінская вуліца ў гады Вялікай Айчыннай вайны
8.  На скрыжаванні вуліцы Разінскай і Разінскага завулку
9.  Разінскі завулак
10. Няміга на Разінскім завулку
Заключэнне
Літаратура



ТЭХНАЛАГІЧНАЯ КАРТА ЭКСКУРСІІ “ПАД СТРЭХАМІ ПРОДКАЎ”

Назва экскурсіі: «Пад стрэхамі продкаў»

Тып экскурсіі: аглядна-тэматычная

Від экскурсіі: пешаходная

Працягласць экскурсіі: 1 акадэмічная гадзіна

Адлегласць км: 1 км, 400 м

Маршрут экскурсіі: г. Мінск, Маскоўскі раён, скрыжаванне вуліц Шчорса і Разінскай (станцыя метро “Грушаўка”) - вул. Разінская – Разінскі завулак

Сезоннасць: круглагадовая

Мова: беларуская, руская

Змест экскурсіі: экскурсія адкрывае невядомы твар Мінска – гістарычную драўляную забудову прадмесцяў горада XIX - пачатку XX стст. на прыкладзе Грушаўкі, што апынулася сёння ў цэнтры горада – зоне актыўнай сучаснай забудовы.

Катэгорыя экскурсантаў: масавая (дарослыя, школьнікі, студэнты)

МЭТА ЭКСКУРСІІ:

     папулярызацыя гісторыі Мінска і Беларусі праз краязнаўчую дзейнасць, якая фарміруе бачанне сувязі паміж мінулым і сучасным, выхоўвае пазітыўныя адносіны да захавання спадчыны беларускага народа.

Задачы экскурсіі:

     даць кароткую інфармацыю аб гісторыі Грушаўкі як прадмесця Мінска XIX ст.;
     расказаць аб асаблівасцях гістарычнай забудовы Грушаўкі XIX - пачатку XX стст. як адной са старэйшых працоўных ваколiц Мiнска на абраным адрэзку маршруту;
     даць уяўленне аб помніках драўлянай гарадской архітэктуры на прыкладзе гістарычнай забудовы вуліцы Разінскай і Разінскага завулку, даць уяўленне аб некаторых этапах гісторыі Мінска і Беларусі;
     звярнуць увагу на пытанні захавання спадчыны беларускага народа, спрыяць выхаванню паважлівых адносін да гістарычнай мінуўшчыны праз краязнаўчую дзейнасць.

Агульныя метадычныя ўказанні:

     неабходна данесці да аўдыторыі атмасферу таго ці іншага гістарычнага прамежку часу праз   спалучэнне агульнага і лакальнага матэрыялу, правільнага яго дазавання;
     пры правядзенні экскурсіі неабходна выкарыстоўваць разнастайныя метадычныя прыёмы вядзення экскурсіі і іх камбінаванне, што абумоўлена спецыфікай кожнага аб’екту, асаблівасцямі аўдыторыі і самога экскурсавода;
     растлумачыць групе правілы паводзін, звязаныя са спецыфікай правядзення экскурсіі каля жылых дамоў, каб не парушаць правы і пакой мясцовых жыхароў;
     пры правядзенні пешай экскурсіі з пераходам вуліц і завулкаў (вуліца Разінская і Разінскі завулак не маюць руху грамадскага транспарту, машыны праязджаюць вельмі рэдка), неабходна звяртаць увагу на правілы дарожнага руху, тэхніку бяспекі (у зімовы перыяд ледзяшы на дахах дамоў, што стаяць без плота, сабака ў двары дома № 41 па вуліцы Разінскай).

УВОДЗІНЫ

     Экскурсія прысвечана спадчыне драўлянай архітэктуры Мінска канца XIX-пачатку XX стагоддзяў, што захавалася да нашага часу , у большасці не страціўшы сваёй самабытнасці амаль у цэнтры горада – Грушаўцы. Бадай, няма ў нашым горадзе іншага такога старога прадмесця, дзе б захаваліся не толькі асобныя драўляныя дамы, але і цэлыя фрагменты старой забудовы кварталаў: вуліцы і завулкі з дамамі ўздоўж іх, флігелі і павеці ў дварах, шматлікія сады і агароды. Жыхары Грушаўкі, дзесяцігоддзямі чакаючы адсялення, у большасці не добраўпарадкоўвалі свае дамы, таму сёння старая Грушаўка нагадвае стары закінуты дом амаль у сельскай мясцовасці, дзе на кожным кроку дзьмуханцы і лапухі каля платоў. А да Дома Урада менш двух кіламетраў па прамой… Але хуткімі тэмпамі Грушаўка пераўтвараецца ў сучасны урбаністычны квартал, тут пабудавана аднайменная станцыя сталічнага метрапалітэна, будуецца сучасны жыллёвы комплекс “Грушаўскі пасад” – цывілізацыя наступае. Згодна з асноўным градабудаўнічым дакументам, вызначаючым перспектыўнае выкарыстанне і забудову тэрыторыі сталіцы да 2030 года, генеральным планам г. Мінска, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.04.2003 №165, тэрыторыя існуючай жылой сядзібнай забудовы ў Грушаўцы падлягае зносу са заменай на жылую змешаную шматкватэрную высакашчыльную. Вышынныя дамы хутка наступаюць на пакрывіўшыяся хаткі – жывыя сведкі біяграфіі Мінска.
     А між тым, яшчэ ў 1994 годдзе на сумесным пасяджэнні Горадабудаўнічага савета Мінгарвыканкама і Рэстаўрацыйнай рады Дзяржаўнай інспекцыі па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры быў прадстаўлены спіс абследаваных помнікаў драўлянай архітактуры Грушаўкі канца XIX – пачатку XX стст., якія рэкамендавалася ўзяць пад ахову. У выніку ў зацверджаны Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры горада ніводны з аб'ектаў гістарычнай драўлянай забудовы не трапіў. Мы з вамі паглядзім на гэтыя дамы са спісу абследаваных помнікаў драўлянай архітактуры канца XIX – пачатку XX стст., якія рэкамендавалася ўзяць пад ахову на Грушаўцы. Мы ўбачым, што ў старых дамах жывуць людзі, у нікому непатрэбным музеі жыць цяжка, таму вядуцца шматлікія дабудовы і пераробкі. Так цалкам перабудаваны дом па Разінскай вуліцы, 43. Знесены дамы па Разінскай вуліцы, 2, 19, 56, па Грушаўскаму завулку 3, 7, дамы па вуліцы Хмялеўскага. Згарэлі пабудовы па 3-му Чыгуначнаму завулку, 18. Засталася толькі невялікая цагляная частка дома па Разінскай вуліцы, 19. На Разінскім завулку ўжо не засталося ніводнага дома. Многія дамы без дагляду проста развальваюцца. Некаторыя аб'екты гарадскія ўлады перадаюць на баланс Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту для вывазу на бераг Пцічы (Грушаўская, 15-17), некаторыя дамы (Разінскі завулак, 3) музей сам набыў ва ўладальнікаў.
     Каб не знікла гэта старонка біяграфіі нашага горада, мы запрашаем зазірнуць у нашай экскурсіі ў “людскую” Мінска XIX - пачатку XX стагоддзяў, якая надзейна стаілася ў квітнеючых каштанах, высачэзных клёнах і таполях, грушах і дубах. Тут, сярод старых асуджаных хатак з разнымі аканіцамі і комінамі, мы нібы трапім ў мінулае, у скансен –музей пад адкрытым небам.

КАРТА-СХЕМА  МАРШРУТА  ЭКСКУРСІІ

    
Умоўнае абазначэнне Расшыфроўка ўмоўных абазначэнняў

Пачатак экскурсіі

Разінская вуліца дд. 48, 50, супрацьпажарны цагляны брандмаўэр XIX - пачатку XX стст

Разінская вуліца д. 43, 41

Разінская вуліца дд., 31,дамы з флігелямі пач. XX ст. на некалькі сямей.

Разінская вуліца д. 20, сведкі гісторыі сямей Ліхмановіч і Асвенцымскіх.

Разінская вуліца д.14

Разінская вуліца д.1

Разінская вуліца дд. 4, 6, дом № 6 - сведка Першай і Другой сусветных войн, пабудаваны ў 1914 годдзе

Разінскі завулак д. 4,самы стары дом  у Грушаўцы – рэштка паселішча фальварку пана  А. Немаршанскага

Грушаўская 11 Б

Канец экскурсіі

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ЭКСКУРСІІ

Участкіперамяшчэння па маршруту

Месца прыпынкаў

Аб’ект паказу

Працяг,хвіл.

Асноўны змест паказу

Указанні паарганізацыі

Метадычныя парады

1

2

3

4

5

6

7

Месца прыёмугруппы на
скрыжаванні вуліц Шчорса і Разінскай

Вул. Разінская, д.63

 

5

Паведаміць тэму экскурсіі, правілы бяспечных паводзін пад час экскурсіі, кароткі экскурс у гісторыю мінскага прадмесця Грушаўка.

Знаёмства з групай, усталяванне асабістага кантакту

Уступным словам неабходна зацікавіць аўдыторыю, панарамны агляд Грушаўкі

Лагічны пераход:  гісторыя Грушаўкі праз гісторыю адной са старэйшых вуліц прадмесця – Разінскай (да 1922 года - Іосіфаўскай)

Пераход па вул. Разінскай па цотнаму боку вуліцы

Разінская вуліца, месца, дзе быў знесены  д. 56

 

5

Падтэма: “Тут старажытнасць сышлася з сучаснасцю” З гісторыі вуліцы Разінскай XIX - пачатку XX стст. Перайменаванне вуліцы. Сучасная забудова “Грушаўскі пасад” і гістарычная забудова вул. Разінская

Размясціць групу, каб злева была новабудоўля, а справа –гістарычная забудова

Прыём зрокавага

параўнання, пасля папярэдняга агляду пераход да характарыстыкі кожнага аб’екта

Лагічны пераход: драўляная шчыльная забудова Грушаўкі  XIX - пачатку XX стст. - добры асяродак для пажараў

Рух па тратуары па цотнаму боку вуліцы Разінскай

Разінская вуліца д. 48, 50

 

5

Падтэма: супрацьпажарны цагляны брандмаўэр XIX - пачатку XX стст. як сродак супрацьпажарнай бяспекі. Разнастайнасць значэння слова “брандмаўэр” у  XXI ст. Выкарыстанне бранмаўэраў сёння.

Размясціць групу вакол брандмаўэра са змяшчэннем у бок глухой сцяны (дом злева ад брандмаўэра-жылы) каб не было нязр.

Звярнуць увагу на дэталі брандмаўэра. Прыём асноўнага паказу, дэтальны агляд, прыём тлумачэння, характарыстыкі

1

2

3

4

5

6

7

Пераход праз дарогу на няцотны бок вуліцы Разінскай

Разінская вуліца д. 43

 

5

 Грушаўка - адна са старэйшых працоўных ваколiц Мiнска – пасёлак чыгуначнікаў. Гісторыя непісьменнага сігнальшчыка на чыгунцы Сямёна Козака, пяць пакаленняў нашчадкаў якога жывуць на адным месцы

ПДР пры пераходзе дарогі. Групу размясціць каля плота дома (плот-металічная сетка агляду не перашкаджае)

Прыём персаніфікацыі, прыём зрокавай рэканструкцыі, прыём апісання

Лагічны пераход: пераход  ад перабудаванага дома з флігем С. КозакаXIXст.  да захаваўшыхся дамоў пач. XX ст. з флігелямі

Рух па няцотнаму боку міма дома № 41 да дома № 31

Разінская вуліца дд.41, 31

 

5

Дамы з флігелямі пач.XX ст. на некалькі сям’яў. Дэкаратыўна-мастацкае аздабленне дамоў ГрушаўкіXIX - пачатку XX стст.: вуглавая кампазіцыя, шалёўка, ліштва і аканіцы на прыкладзе дома № 31. 

Каля д. № 41 не прыпыняцца (невялікі, але галасісты сабака). Групу размясціць спачатку з аднаго боку дома, а потым – другога. (Дом жылы, плот адсутнічае)

Прыём тлумачэння: што такое “дом з флігелем”, прыём дэтальнага агляду, прыём навізны,

прыём зрокавага мантажу,

Лагічны пераход: магчымасць параўннання жылых дамоў пач. XX ст. з флігелямі з нежылым, належыўшым у пач. XX ст. сям’і Ліхмановіч

Пераход праз дарогу на цотны бок вуліцы Разінскай

Разінская вуліца д. 20

 

 

5

Падтэма: маўклівы нежылы сведка гісторыі сямей Ліхмановіч і Асвенцымскіх дом № 20 па вуліцы Разінскай. 

Групу размясціць уздоўж дома тварам да аб’екта (дом нежылы, плот, агарожа адсутнічаюць. ПДР

Прыём персаніфікацыі, прыём зрокавага аналізу, параўнання

Пераход праз дарогу (скрыжаванне з Грушаўскім завулкам)  

Разінская вуліца д.14

 

 

5

Забудова Разінскай вуліцы канца  XIX ст.  – 1917 года. Дом № 14 па вуліцы Разінскай з газам і вадаправодам.Вялікае переразмеркаванне жылля, што адбывалася пасля 1917 года.Планіроўка драўлянага дома.

Групу размясціць спачатку з аднаго боку дома, а потым – другога. (Дом жылы, плот адсутнічае). Звярнуць увагу на ПДР

Прыём асноўнага паказу, рух паблізу аб’екта паказу, прыём экскурсійнай даведкі, прыём інтэграцыі

1

2

3

4

5

6

7

Пераход праз дарогу на няцотны бок вуліцы Разінскай

Разінская вуліца д.1

 

5

Перадваеннае  ўпарадкаванне адрасоў дамоў па вуліцы Разінскай. Разінская вуліца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падпольны рух і кансператыўныя кватэры па вуліцы Разінскай (1941-1944 гг.)

Групу размясціць паўкругам каля плота дома.

Прыём лакалізацыі падзей, прыём пытанне-адказ, прыём экскурсійная даведка,прыём характарыстыкі

Лагічны пераход: сведка Першай і Другой сусветных войн – дом № 6, пабудаваны ў 1914 годзе.

Скрыжаванне вуліцы Разінскай і Разінскага завулка

Разінская вуліца дд. 4, 6

 

 

5

Фарміраванне безлічы завулкаў і закавулкаў ў Грушаўцы ў пачатку XX ст.Дом № 6 - сведка Першай і Другой сусветных войн, пабудаваны ў 1914 годдзе на скрыжаванні вуліцы Разінскай і Разінскага завулка.

Групу размясціць уздоўж д.№ 4 (нежылы). У залежнасці ад стану здароўя і настрою старажыла д.№ 6 магчыма сустрэча. Фатаграфаванне (па жаданню)

Прыём пераключэння са слыхавога ўспрымання на зрокавае, паказ фота з партфеля экскурсавода, прыём спасылкі на відавочцы

Лагічны пераход: Разінскі завулак поўнасцю падрыхтаваны для новай забудовы.

Пераход на Разінскі завулак

Разінскі завулак д. 4

 

5

Дом № 4 – апошняя пабудова на Разінскім заулку – самы стары дом  у Грушаўцы, рэшта паселішча фальварка пана  А. Немаршанскага. Захаваўшаяся гонтавая страха.  Гонтавыя стрэхі – модная сучасная тэндэнцыя з шматвекавой гісторыяй. Натуральнае рэчышча легендарнай ракі Няміга.

Спачатку размясціць групу ў пачатку завулка для панарамнага агляду, пераход да фрагментаў дома № 4, размясціць групу злава ад дома да агляду (дом знаходзіцца каля самай дарогі)

Прыём панарамнага агляду Разінскага завулка. Прыём апісання, кароткая характарыстыка аб’екта,прыём зрокавай рэканструкцыі

Лагічны пераход: А многія і сёння шукаюць у Разінскім завулку вытокі Нямігі. Паспрабуем ?

 

1

2

3

4

5

6

7

Рух па Разінскаму завулку да вул. Грушаўскай

Разінскі завулак (ад д. № 4 да д.№ 11 Б па вул Грушаўскай)

 

5

У пошуках легендарнай Нямігі. Натуральнае рэчышча Нямігі на Разінскім завулку, якое падзяляла  агароды прыватных дамоў завулка, будынкі казарм і дома № 11 Б па вуліцы Грушаўскай.

У летні перыяд – пошукі слядоў рэчышча Нямігі

Прыём лакалізацыі падзей, прыём пытанне-адказ, прыём гістарычнай рэканструкцыі,прыём праблемнай сітуацыі, прыём даследавання

Месца заканчэння экскурсіі

Вуліца Грушаўская  д. 11 Б

 

5

Праблемы захавання драўлянай гістарычнай забудовы Мінска на прыкладзе Грушаўкі. 

Яркае, эмацыянальнае, лаканічнае заканчэнне

Прыём экскурсійная даведка,прыём пераключэння ўвагі

ПРАДМЕСЦЕ  ГРУШАЎКА

     Мінск - гэта горад з  тысячагадовай гісторыяй. Сённяшняя гісторыя Мінска - гэта біяграфія вялікага мегаполіса, але амаль у цэнтры сучаснага горада затаілася старая Грушаўка, якая нагадвае стары закінуты дом амаль у сельскай мясцовасці, дзе на кожным кроку дзьмуханцы і лапухі каля платоў. А да Дома Урада адсюль менш двух кіламетраў па прамой… Цывілізацыя, як вы бачыце, наступае.

     Мінск даволі кампактны горад з выразнай планіроўкай, просты і дэмакратычны. Новыя жыхары хутка асімілююцца ў сталічным асяродку магчыма таму, што Мінск  увабраў магутную хвалю сельскага насельніцтва, якое прынесла ў горад сваю ментальнасць і культуру, сваю архітэктуру. Бадай няма ў нашым горадзе іншага такога старога прадмесця, дзе б захаваліся не толькі асобныя драўляныя дамы, але і цэлыя фрагменты старой забудовы кварталаў: вуліцы і завулкі з дамамі ўздоўж іх, флігелі і павеці ў дварах, шматлікія сады і агароды. Трагізм і асаблівасць  Грушаўкі ў тым, што гэты раён планавалі знесці яшчэ ў 1960-я гады. Жыхары Грушаўкі, дзесяцігоддзямі чакаючы адсялення ў большасці не добраўпарадкоўвалі свае дамы, таму яны і захаваліся як гістарычная драўляная забудова Мінска  канца XIX – пачатку XX стст. і сёння ў большасці амаль не страцілі сваёй самабытнасці.

     Назва Грушаўка ўпамінаецца ў дакументах XVII ст. пад назвай ніва “на Грушке”, якая размяшчалася каля Навагародскай дарогі. А адкуль пайшла назва нівы – невядома. Як аб прыгарадзе (прадмесці) Мінска аб Грушаўцы можна гаварыць з перыяду XVIII – пачатку XIX стст. Грушаўка была ўключана ў гарадскую мяжу ў 1870 годзе. Уявіце, што ў 1890-х гадах на месцы сённяшняга Грушаўскага пасада была група хутароў Грушава ці Грушаўка, луг і прадмесце  Добрыя Мыслі, што належала пану Андрыяну Антону Немаршанскаму.  Рэзкі рост забудовы Грушаўкі, які прыходзіцца  на канец XIX – пачатак XX ст., быў выкліканы будаўніцтвам у 1870-х гг. Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай  чыгуначных дарог, будаўніцтва Брэсцкага вакзала. Для патрэбаў чыгункі яшчэ далей ад горада былі адчыненыя майстэрні, зараз Вагонарамонтны завод. Каля яго і разросся пасёлак чыгуначнікаў, які атрымаў назву Грушаўка. Тут  жылі супрацоўнікі мінскага вагонарамонтнага завода, тут гулі цягнікі.  Асноўныя і першыя вулiцы пасёлка Грушаўская, Пакгаўзная, Кандуктарская i Iосiфаўская (цяпер Разінская ішлі ўздоўж Маскоўска-Варшаўскай чыгункі.

     Сённяшняя вуліца Разінская, з якой мы пачнём нашу экскурсію – гэта адна з нешматлікіх вуліц Мінска, якая  збольшага захавала даваенны, а дзесьці нават і дарэвалюцыйны выгляд. Час толькі выгадна наблізіў Разінскую да цэнтра горада, але пры гэтым яна захавала мясцовы каларыт. Тут не тое, што час спыніўся, тут у кожнай драўлянай пабудове замерла цэлая эпоха. Але паглядзіце вакол – цывілізацыя наступае…



БРАНДМАЎЭР ПАМІЖ ДАМАМІ 48 І 50 ПА ВУЛІЦЫ РАЗІНСКАЙ (Вуліца Разінская, дд. №№ 48-50)

     Забудова Грушаўкі была драўлянай аднапавярховай, у 1903 годзе агульная вага драўляных дамоў у Мінску складала каля 80%, таму ў горадзе часта адбываліся пажары. Калі ў 1894 годзе ў Мінску зафіксавана 27 пажараў, то ў  1911 - 130, што звязана з павелічэннем плошчы забудовы горада. Адным з эфектыўных спосабаўпрадухілення распаўсюджвання пажару з’яўлялася пабудова брандмауэра. Сёння ў камп’ютарным свеце пад брандмаўэрам разумеюць праграму, якая выконвае сур’ёзныя ахоўныя функцыі. Але першапачаткова брандмаўэр (ад ням. Brandmauer, Brand  - пажар і  Mauer - сцяна) – супрацьпажарнаясцяна, якая павінна супрацьстаяць распаўсюджванню пажару з адной пабудовы ў іншую – сумежнае. У XIX - пачатку XX стст. паміж дамамі па нормах трэба было вытрымліваць супрацьпажарныя разрывы ў 20 сажаняў. Там, дзе гэта адлегласць была меншай, тарцавыя сцены дамоў выконваліся ў выглядзе цаглянага брандмаўэра. Праз такі брандмаўэр да існуючага будынка далучалі новы. Такія дамы з брандмаўэрам засталіся на вуліцы Разінскай пад нумарамі 48 і 50 (фота 1.) Будынак па вуліцы Разінскай № 50 згарэў, але на яго месцы пабудаваны кірпічны бастыён у неагатычным стылі (фота 3-4) з захаваннем брандмаўэра (фота 2.)

Ф.1. Вул. Разінская 48-50 Ф.2 . Брандмаўэр  Ф.3. Кірпічны бастыён, 2017 г.  Ф.4. Разінская, 50, 2016 г.  

     

     
     Брандмаўэры выкарыстоўваюць і сёння, іх вырабляюць з незгаральных матэрыялаў — камня, бетона ці жалезобетона, яны павінны мець мяжу вогнеўстойлівасці не менш 4 гадзін. 



ГРУШАЎКА - АДНА СА СТАРЭЙШЫХ ПРАЦОЎНЫХ ВАКОЛІЦ МІНСКА.(Вуліца Разінская, д. № 43)





     У Мінску засталося не так шмат сям’яў, якія жывуць на адным месцы больш за 100 гадоў. У доме № 43 пражываюць прамыя нашчадкі ў пятым пакаленні непісьменнага сігнальшчыка на чыгунцы Сямёна Козака (фота 5), селяніна па нараджэнню, які набыў у пана Немаршанскага зямельны надзел у 15 сотак у Грушаўцы ў 1872 годзе, узяўшы крэдыт у гарадской управе. Тады Грушаўка была ўжо была прыгарадам сталіцы. Козак пабудаваў тут трохкватэрны дом з асобнымі ўваходамі, зараз такі дом назвалі б катэджам. Раён быў дастаткова заможным, рабочы на чыгунцы мог не толькі купіць у Грушаўцы зямлю, але і пабудаваць добры дом,  пачаць на гэтым зарабляць грошы. Сямён Козак здаваў у арэнду дзве кватэры, зямлю пад пакос і, нават, яблыні. Гэта дазволіла Козаку выгадаваць 8 дзяцей, усiм даць адукацыю – чатыры дачкі атрымалі сярэдне-спецыяльную, а чатыры сыны – вышэйшую. Жонка Козака Фядора Максімаўна магла дазволіць сабе не працаваць, а займацца хатняй гаспадаркай. Козакі пасадзілі каля дома ліпы – дрэвы, якія не прыносілі прыбытку  (ў адрозненні пладовых дрэў іх не бралі ў арэнду), што раней дазвалялі сабе толькі паны. Гэта быў сімвал дастатку, як сёння дарагі аўтамабіль каля дома.Памёр Сямён Сцяпанавіч у 1916 годзе. У двух кватэрах, якія здаваліся раней, жылі на той час яго сыны, а адна – здавалася. Сёння дом выглядае інакш, таму што ў 1960 годзе нашчадкі Козака аддзялілі адну часку ад трохпакаёвага дома і пабудавалі асобны будынак (фота 6). Ад дома Сямёна Козака сёння засталіся толькі бярвенні на чатырох сцены (фота 7), пограб ды дарэвалюцыйная мэбля. Але тут і сёння пражывае ўнучка Козака Ларыса Осіпаўна, якой споўнілася 96 гадоў, якая ўспамінала, што суседзямі Козака былі заможныя людзі: немцы Фёдар і Флейнбой, а таксама машыніст паравоза Жыбуртовіч. Акрамя чыгуначнікаў тут сяліліся дробныя гандляры і рамізнікі.

Ф.5.Захаваўшаяся частка дома  Ф.6. Перабудаваная  частка дома  Ф.7.   Бярвенні дома

 

ДАМЫ З ФЛІГЕЛЯМІ (Вуліца Разінская, дд. №№ 41, 31)

     Дамы належалі асобным домаўладальнікам, але жылі ў іх рабочыя і служачыя Лібава-Роменскай чыгуначнай дарогі: стрэлачнікі, паштовыя агенты, памочнікі машыністаў, кандуктары, якія плацілі за жыллё домаўладальнікам. Тут, як і ва ўсёй Грушаўцы, будаваліся дамы з флігелямі на некалькі сямей, кватэры ў якіх здаваліся пад арэнду. Дамы з флігелямі захаваліся і сёння па вуліцы Разінскай (№№ 1, 14, 20, 31 і 41). Нават зараз дом № 41, каля якога мы знаходзімся, мае два асобныя ўваходы.



МАЎКЛІВЫЯ СВЕДКІ ГІСТОРЫІ (Вуліца Разінская, д. № 20)


Ф.8.  Дом з флігелем.
Вуліца Разінская, д. № 41   
Ф.9. Дом з флігелем. 
Вуліца Разінская, д. № 31

Ф.10.  Шалёўка і аканіцы
 Вуліца Разінская, д. № 31
Ф.11. Ліштва, разныя карункі 
Вуліца Разінская, д. № 31

           Горад хутка рос, а з ім і запыт на жыллё. Калі ў  1896 годзе здавалася ў наём 11,6 тысяч кватэр, то ў 1911 годзе гэта лічба павялічылася ўдвая. Прадпрымальныя домаўладальнікі здавалікватэрантам нават гаспадарчыя пабудовы, у якіх за сцяной знаходзіліся свінні, склад дроў, прыбіральня. Гэта было следствам перанаселенасці горада. Газеты таго часу падкрэслівалі, што цэны на жыллё ў Мінску ў 1911 годдзе былі не ніжэй, чым у Берліне ці Парыжы. Таму ў пасёлку чыгуначнікаў, дзе жыллё было больш танным жыў і папулярны мінскі веласепедыст і канькабежац Асвенцымскі (фота 12), які 8 мая 1912 года пачаў велапрабег Санкт-Пецярбург – Мінск. Магчыма, менавіта тут ён скончыў яго 13 мая. Дом яго не захаваўся, але вось гэты дом пад нумарам 20, напэўна, помніць Асвенцымскага, бо знаходзіўся па суседству і належаў Ліхмановічам (фота 13). Сёння ён падзелены на дзве часткі, якімі валодаюць праўнукі Антона Ільіча і Ганны Іванаўны Ліхмановіч. Але дом не жылы. Дому больш за сто гадоў, ён вырасціў не адно пакаленне сям’і Ліхмановіч, але жыць у ім цяжка – ацяпленне пячное, прыбіральня на вуліцы, вадаправод адсутнічае. Перабудовы забаронены – дом з’яўляецца гістарычнай забудовай. Нават навес для дроў трэба было ўзгодніваць. Дамы ў Грушаўцыставіліся на невысокім цагляным падмурку, большасць дамоў “прасела ад часу” і нібы ўрасла ў зямлю, што мы бачым на прыкладзе дадзенага дома (фота 13). Некаторыя жыхары Грушаўкі  ўсё ж правялі газ і ваду, як жыхары дома №  14 па вуліцы Разінскай. 

Ф.13.  Гурткоўцы каля дома Ліхмановічаў.  Май 2016 г. і студзень 2017 г.


ЗАБУДОВА РАЗІНСКАЙ (ДА 1922 ГОДА ІОСІФАЎСКАЙ) ВУЛІЦЫ КАНЦА  XIX СТ.  – 1917.

Ф.14. Гурткоўцы каля д. № 14 па вуліцы Разінскай

   Вось так выглядае дом №  14 па вуліцы Разінскай з газам і вадаправодам (фота 14).А да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пітную ваду бралі з артэзіянскіх свідравінаў праз  водаразборныя калонкі. Уладальнік калонкі браў рубель у месяц “абаненцкай платы” з сям’і. Сёння гэта добраўпарадкаваны дом на ўтульнай вуліцы, а ў пачаткуXX стагоддзя вуліцы Грушаўкі былі адносна падобны: брудныя, вузкія, па якіх дзве павозкі тут не раз’язджаліся. Вуліцы Грушаўкі заставаліся незабрукаванымі, з дашчанымі ходнікамі (брук на большасці вуліц з’явіўся пасля вайны). Тратуары з дошак таксама пракладалі і падтрымлівалі домаўладальнікі. Уздоўж вуліцы ўсталёўваліся агароджы з варотамі і брамкамі. Маленькімі плоцікамі аддзялялі палісаднічкі. За дамамі былі сады і гароды, часам даволі вялікія (па памерах горада) – да 30-ці сотак. Незалежна ад роду заняткаў усе, хто меў магчымасць, гадавалі жывёлу. На пакос травы аддавалі паўмежак – паласу зямлі паміж плотам і вуліцай. Трэба адзначыць традыцыю саджаць для аздобы вялікія дрэвы. Да гэтага часу стаяць ліпы Козака, дуб Сцяпанава, клён Клімковіча, бяроза Трусевіча. Дамоў многіх з іх ужо няма, а памяць аб іх жыве ў дрэвах. Напрыклад, вядома, што пасляКастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года сярод іншых быў канфіскаваны і нацыяналізаваны даходны дом Трусевіча, сам Трусевіч з сям’ёй застаўся жыць у маленькім напаўразваленым дамку. Рэвалюцыя прынесла значныя змены ў жыццё Грушаўкі. Да гэтага часу людзі памятаюць вялікае переразмеркаванне жылля, што адбывалася ў гэты час. Два масавыя перайменаванні вуліц прыйшліся на 1919 і 1922 гады. У 1922 годзе вуліца Іосіфаўская была перайменавана ў Разінскую, а Іосіфаўскі завулак – у Разінскі. З пачатку 30-х гадоў шырока пачалі будавацца 16-кватэрныя дамы з двума пад’ездамі, але вуліца Разінская засталася вернай сабе – драўлянай, аднапавярховай, з флігелямі на некалькі сям’яў. Дамы як і раней будаваліся з абчэсаных на два канты бярвенняў, звычайна прапітаных смалой. Страху рабілі кроквенную, двухсхільную (фота 14).Падлогу клалі проста на зямлю. Столь пракладалі зверху бэлек і ўцяплялі саломай. Столь і сцены абклейвалі шпалерамі. Пакоі ацяпляліся печкамі, якія звычайна бялілі. Планіроўка драўлянага дома ўключала: ганак-веранду з характэрным двухсхільным навесам, прыхожую, кухню, два-тры жылыя пакоі. Пограб рабілі ў сенцах. Гэта быў модуль, з якога будаваліся дамы на дзве, тры, чатыры кватэры.


РАЗІНСКАЯ ВУЛІЦА Ў ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

        

Ф.15.  дом № 1 
па вуліцы Разінскай. 2016 г.

     Уявіць, як выглядала Грушаўка перад Вялікай Айчыннай вайной, можна апынуўшыся перад домам № 1 (фота 15) па вуліцы Разінскай. Дом у большасці захаваў свой даваенны выгляд, толькі плот сучасны і сцены дома пафарбаваны. Шэраг драўляных дамоў, якія аддзяляюцца старымі дрэвамі, даносяць да нас атмасферу гарадскога асяроддзя, якое было тут сто гадоў таму. У 1930-х гадах у доме па вуліцы Разінскай, 37 здымаў пакой пісьменнік Пятрусь Броўка, але выявіць гэты дом цяжка - перад вайной было праведзена ўпарадкаванне адрасоў дамоў. Напрыклад, дом па Разінскай, 39 атрымаў нумар 45. Грушаўка актыўна добраўпарадкоўвалася, напрыклад, 22 чэрвеня 1939 года на вуглу Разінскай вуліцы і 3 Чыгуначнага завулка скончылася будаўніцтва жылога трохпавярховага кірпічнага дома на 12 кватэр з каналізацыяй, вадаправодам, душам (не захаваўся сёння). Але на вуліцы Разінскай усё было як і раней. Бетоннага плота не было і менавіта тут людзі ішлі ў цэнтр горада. У 1892 годзе ад Брэсцкага вакзала ў цэнтр Мінска пусцілі конку. Аднак “у горад”, гэта значыць у цэнтр Мінска, хадзілі звычайна па рэйках. Вялікай небяспекі ў гэтым не бачылі, не зважаючы на няшчасныя выпадкі. Але нават перад самай Айчыннай вайной дзеці ў школу хадзілі па рэйках.

     У адрозненне ад цэнтральнай часткі Мінска, у Вялікую Айчынну вайну Грушаўка амаль не пацярпела і захавалася ў даваенным выглядзе, яе не бамбілі. Пад час бамбавання вагонарамонтнага завода выпадковая бомба разбурыла жылы дом, які належыў, па іроніі лёсу, збеларушчанаму немцу Фэдару. Па іроніі лёсу ў Грушаўцы былі раскватэраваны нямецкія салдаты-чыгуначнікі, частка з якіх працавала на вагонарамонтным заводзе. У новым чатырохпавярховым будынку школы № 3, пабудаваным у 1936 годзе, знаходзілася нямецкая казарма.А вунь відаць дом № 11 па вуліцы Грушаўскай, пабудаваны ў 1930 годдзе для афіцэраў Белпалка, у ім размяшчаўся нямецкі ваенны шпіталь.Нягледзячы на такое небяспечнае суседства, у Грушаўцы ў 1941-44 гадах дзейнічалі падпольныя арганізацыі на чыгуначным вузле, у Грушаўскім паселку падпольныя групы Руткоўскага І.С. і Н.Я. Герасіменка.  На вуліцы Разінскай  66-а – 1 была канспіратыўная кватэра   Кабак А.М., якая трымала сувязь з партызанскім атрадам імя Чкалава  і па Разінскай 25 жыла падпольшчыца   Мелянтовіч А.А., трымаўшая сувязь з партызанскай групай Нікіціна Н.


НА СКРЫЖАВАННІ ВУЛІЦЫ РАЗІНСКАЙ І РАЗІНСКАГА ЗАВУЛКУ


     А вось непасрэдны сведка Першай і Другой сусветных войн на беларускіх землях – дом № 6 па вуліцы Разінскай (фота 16). Белая таблічка на доме інфармуе, што гэты дом пабудаваны ў 1914 годзе. А вось дом № 4 (фота 16), які стаіць побач, нпэўна яшчэ старэйшы, але ён нежылы, а раней належыў не вельмі заможным людзям. Звярніце ўвагу на маленькае акно. Такія маленькія вокны рабілі для захоўвання цяпла, і сёння гэты дом адзіны ў такім выглядзе на вуліцы Разінскай, але ў пачатку XX стагоддзя такіх дамоў тут было больш, аб чым сведчыць вядомае фота Язэпа Драздовіча ля вытоку Нямігі (фота 17). Гэты здымак быў зроблены дзесьці на Разінскім завулку, да якога мы з вамі выйшлі (фота 18) .

                                                            
       

                                                                                 

 Ф.16.  д. № 6 і № 4 па вуліцы  Разінскай. 2016.     Ф.17. Ля вытока Нямігі.
 У  светлым касцюме -  Язэп       Драздовіч.                                                               
  
  Ф.18.  Дом № 6 на крыжасванні 
  вуліцы    Разінскай і Разінскага завулку          

                                                                                             

     У Грушаўцы ў пачатку XX ст. пачынае фарміравацца безліч завулкаў і закавулкаў, многія з якпіковымі. Гэта было звязана з тым, што забудова ў горадзе, і асабліва на ўскраінах вялася стыхійна. Жыхары звярталіся ў гарадскую думу са скаргай, што “усе дамы і забудовы знаходзяцца ў адной агульнай мясцовасці без падзелу на вуліцы”. Толькі Чыгуначных завулкаў у Грушаўцы сем! Сустракаліся вуліцы, агароджаныя з усіх бакоў. Сюды нельга было падвесці дровы, пад’ехаць тэрмінова ў выпадку пажару. Членаў гарадской управы турбавала што, пры пераацэнцы маёмасці гараджан для абкладання падаткам ім не аднойчы даводзілася лезці праз плот. У 1911 годзе Безыменных завулкаў афіцыйна ў Мінску налічвалася 19, а ўсяго вуліц налічвалася 305. Каб знайсці патрэбны дом, падатковыя інспектары і людзі прыезджыя ў Грушаўцы маглі блукаць доўгі час. Шыльдачкі з назвамі вуліц з’явіліся толькі ў 90-я гады XIX стагоддзя. У 1905 годзе іх замянілі уніфікаванымі, выкананымі вялікімі белымі літарамі на блакітным фоне. Адзін з першых завулкаў Грушаўкі – Разінскі (да 1922 года - Іосіфаўскі), на які мы пераходзім.

РАЗІНСКІ ЗАВУЛАК

 

     Разінскі завулак адзін са старэйшых у Грушаўцы, ён звязвае вуліцы Разінскую і Грушаўскую. Як вы бачыце ён зусім маленькі і, на жаль, сёння ён нежылы – тут няма ніводнага жылога дома. Разінскі завулак падрыхтаваны да новай забудовы – згодна з праектам забудовы тут будзе адміністрацыйны будынак з паркінгам. Засталося толькі знесці фрагменты вось гэтага дома, які нібы ўрос у зямлю. Паводле кнігі Лакоткі “Сілуэты старога Мінска” –  гэта адзін з самых старых дамоў, пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Тут у XIX стагоддзі існавала невялічкае паселішча фальварка Андрыяна Антона Немаршанскага.

 
Ф.19.  Разінскі завулак. 2016 г. Ф.20. Дом № 4  з фрагментамі гонтавай страхі 

                                      

     Менавіта тут мы можам убачыць як выглядала гонтавая страха. Справа ў тым, што дамы ў Грушаўцы крылі гонтай - ні саломы, ні бляхі, старыя месцічы не памятаюць. Але да сённяшнага дня гонтавыя стрэхі не захаваліся - былі перакрыты больш сучаснымі таннымі матэрыяламі.Гонт (дранка, шындзель) — дахавы матэрыял у выглядзе пласцін з дрэва. Выраб гонтавых дахаў  са старажытных часоў выкарыстоўвалі ў розных кутках свету, багатых драўнінай. Гонт рабілі з драўляных чурак пласцінамі і ўкладвалі слаямі. Такія пласціны і радкі з іх мы бачым на фрагментах абваліўшагася даху. Рабілі такі дах з дуба ці сасны, дахі з якіх служылі ў 2 разы даўжэй, чым з іншых матэрыялаў. Доўгі час Грушаўка фактычна была прадмесцем гонтавых стрэхаў, але захавалася гонтавая страха толькі ў паўзруйнаванага дома (фота 19-20). Сёння гонтавыя стрэхі – модная тэндэнцыя з шматвекавой гісторыяй. Папулярнасць экалагічна чыстых матэрыялаў у будаўніцтве, прывяла да таго, што сёння гонт – вельмі папулярная тэхналогія.

     Час ідзе, змяняецца Грушаўка, знікаюць цэлыя завулкі. У 1911 годзе ў Разінскім завулку было зарэгістравана 15 домаўладальнікаў, а сёння няма ніводнага. Толькі фрагменты апошняга дома, які, як гавораць навукоўцы, магчыма быў падмыты легендарнай ракой Нямігай, якая працякала за агародамі дамоў па цотнаму боку Разінскага завулка.

НЯМІГА НА РАЗІНСКІМ ЗАВУЛКУ

      

     Старажылы з дамоў №№ 1 і 6 па Разінскай вуліцы  ўзгадваюць ручаіну з каламутнай вадой, якую называлі не вельмі прыемна - вельмі брудная была ў 1960-х гадах. Працякала яна ад чыгункі з невялікага балотца, якое звалася Францысканскім (сёння там размешчаны Вагонарамонтны завод). У сярэдзіне XX стагоддзя Няміга на Разінскім завулку нагадвала  хутчэй ручай ці канаву, праз якую каля пешых дамоў Разінскага завулка быў нават мосцік. І гэта зразумела: паўнаводнай Няміга ніколі не была – раку не падпітвае ніводны ручай, а Францысканскае балота было невялічкім, вада прыбывала з дажджавых стокаў і майстэрняў. Даўжыня Нямігі на ўсіх картах — 5,5 кіламетраў, але яшчэ ў 1912 годзе гарадскія ўлады прапанавалі заключыць рэчку пад зямлю.Справа ў тым, што ў месцы праходжання Нямігі пад чыгункай, вада разлівалася, свараючы “гнілое возера”, якое затапляла завулкі насупраць Аляксандраўскага (Брэсцкага) вакзала і ўсю мясцовасць вакол.У 1926 годзе Няміга ад аднайменнай вуліцы да вуліцы К. Лібкнехта была заключана ў калектар і толькі ад К. Лібкнехта да ручей вытока яна цякла ў натуральным рэчышчы. Далей Няміга цякла на паўночны-захад паралельна Разінскаму завулку, падзяляючы агароды прыватных дамоў, будынкі казарм і дома № 11 па вуліцы Грушаўскай. Перасякаючы вуліцу Грушаўскую, Няміга ўтварала маленькае балотца, якое мясцовыя жыхары называлі "Бацыла". У 1960-х гадах Разінская вуліца была забрукавана, але самы пачатак – грунтовы, а вось калі ў 1980-х гадах Разiнскую ўсю закаталi ў асфальт, знайсцi рэчку стала немагчыма. Там, дзе цякла Няміга, уздоўж Разінскага завулка, зусім нядаўна пабудаваны дом і слядоў ракі тут не ўбачыш: рэчышча засыпалі, паверх пабудавалі дом, які атрымаў прапіску па вуліцы Грушаўскай, дом 11Б (фота 23). Аднак прывід ракі не-не ды і з’явіцца. Менавіта ў тым месцы, дзе цякла рака, грунт прасядае (фота 22)

Ф. 21. Зав. Разінскі                 Ф. 22. Вул . Грушаўская на месцы Нямігі                            Ф.23. вул. Грушаўская, 11Б


ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

     Ва ўсе часы статус помнікаў у гарадах трывала захоўваўся за палацамі і замкамі, культавымі і ўнікальнымі збудаваннямі, а жыллёвая забудова перыядычна змянялася, зносілася, рэканструіравалася. Ранейшыя драўляныя прадмесці Мінска апынуліся амаль у цэнтры горада, у зоне актыўнага сучаснага будаўніцтва. Сёння даведацца пра Ракаўскае прадмесце, прадмесце Добрыя Мыслі, Старажоўку, Камароўку, Кашары, Ляхаўку, Серабранку, Уборкі можна толькі з пажоўклых архіўных дакументаў. Апошнія астраўкі былых прадмесцяў Мінска – Грушаўка і Паўночны завулак, таксама паступова змяняюць сваё аблічча, страчваючы сваю драўляную самабытнасць і нацыянальны каларыт.

     На сённяшні дзень у музейнай інфраструктуры Рэспублікі Беларусь знаходзіцца каля 150 помнікаў драўлянага дойлідства. Для краіны, у гістарычнай забудове гарадоў і вёсак якой драўляныя помнікі складаюць пераважную большасць, гэта вельмі мала. Лёс Грушаўскага прадмесця ўжо вырашаны, мы стварылі сваю краязнаўчую вандроўку, каб убачыць Мінск XIX - пачатку XX стагоддзяў, асэнсаваць адзінства ў развіцці народнай культуры, якое вызначыла агульныя этнаграфічныя і архітэктурныя рысы, сустрэцца з сем’ямі, якія жывуць на адным месцы ў Мінску больш ста гадоў, фактычна развітацца з Грушаўскім прадмесцем, якое саступае месца навамоднаму і камфартабельнаму Грушаўскаму пасаду.

     Спадзяёмся, што хаця б  Паўночны завулак, лёс якога вырашаецца сёння, будзе захаваны як помнік драўлянага дойлідства, музей гарадскога побыту, помнік усім прадмесцям Мінска, якія праглынуў горад. Не так ужо шмат засталося астраўкоў драўлянай даўніны сярод мора сучаных будынкаў архітэктуры Мінска. Ці не таму мы падчас не адчуваем свае карані, тыя ніці, якія нябачна звязваюць нас з дзядамі і прадзедамі, што пакінулі нам сваю скарбніцу драўляных традыцый?!

     Ну а тым, хто не стаміўся і мае вольны час, прапануем прагуляцца па Грушаўскаму скверу, паглядзець воданапорную вежу з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі пачатку XX ст. (Аўтадораўская, 3) ці праз вул. Хмялеўскага выйсці на пр-т Дзяржынскага, 11 і наведаць Музей ката. Там жа ёсць і кафэ. Прыемных уражанняў.  

ЛІТАРАТУРА

 

1. Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. 2008.  № 11,  С. 46—50. https://ais.by/story/11848.

2. Виноградов Н.А. Улицы Московского района г. Минска. Мн., 1999.

3. Где в столице усадебного жилья станет меньше и что появится вместо него http://minsk.gov.by/ru/news/new/2016/03/18/5035/

4. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мн., БелЭн., 2006.

5.  Готин А.А. Градостроительное развитие города Минска: 1891–1910 годы Белстройцентр, №46 (451) 2011 г. https://www.bsc.by/story/gradostroitelnoe

razvitie-goroda-minska-1891-1910-gody

6. Жучкевич В.А. Улицы помнят. Мн., Беларусь, 1979.

7. Зуева Е. Минск с изнанки. Московский район: прошлое, приговоренное к сносу http://realty.tut.by/news/expertise/459470.html

8. Крапивин С. Минские домовладельцы столетней давности и их современные потомки http://news.tut.by/society/415382.html

9. Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска. Мн., Полымя, 1991.

10. Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., Полымя, 1995.

11. Лакотка А.І. Праблемы захавання архітэктурна-будаўнічай спадчыны http://knihi.com/storage/kastounasci/01/05.html

12. Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн. Навука і тэхніка, 1991.

13. Локотко А.И. Историко-культурные ландшафты Беларуси. Мн., Белорусская наука, 2006.

14. Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына. Мн., Беларусь, 1997.

15. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн., Полымя, 1990.      

16.http://mosk.minsk.gov.by/aktualnaya-informatsiya/3626-28-iyunya-na-zasedanii-administratsii-moskovskogo-rajona-g-minska-rassmatrivalos-soblyudenie-zakonodatelstva-ob-okhrane-istoriko-kulturnogo-naslediya-respubliki-belarus-na-territorii-rajo







Разделы сайта