Актавая зала была напоўнена хваляваннем, усмешкамі і лёгкім сумам. Гэты дзень стаў асаблівым не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў, педагогаў і ўсіх, хто на працягу школьных гадоў падтрымліваў навучэнцаў на шляху да ведаў, дапамагаў раскрываць таленты і дабівацца поспехаў.
Дырэктар школы Бубен Ліліяна Мікалаеўна павіншавала вучняў з важным жыццёвым этапам - заканчэннем базавай школы. Яна пажадала ім упэўнена ісці да пастаўленых мэт, не спыняцца на дасягнутым і заўсёды памятаць родную школу. А тым, хто вырашыў прадоўжыць вучобу ў школе - добра адпачыць на летніх канікулах.
Звяртаючыся да выпускнікоў, дырэктар школы адзначыла:
«Дарагія выпускнікі! За спіной - школьныя гады, поўныя адкрыццяў, сяброўства і першых дасягненняў. Наперадзе - вялікія мары, амбіцыйныя мэты і ўласны шлях. Мы верым у кожнага з вас. Смела ідзіце насустрач сваёй будучыні, не бойцеся памылак і заўсёды заставайцеся вернымі сабе. Дзейнічайце з упэўненасцю, жывіце з агнём у сэрцы, верце ў немагчымае - і ўсё абавязкова атрымаецца. Вы - наш гонар. Шчаслівага шляху і яркіх гарызонтаў!"
Кульмінацыяй мерапрыемства стала ўручэнне пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі. Ліліяна Мікалаеўна асабіста павіншавала кожнага выпускніка.
Сярод іх знайшліся і тры залатыя медалісткі, якія атрымалі атэстаты аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай.
Гэта дзве вучаніцы 9 "А" класа: Васюк Сафія і Сцепанчук Аліна, а таксама вучаніца 9 "В" класа - Дашкевіч Дзіяна.
У сваёй урачыстай прамове дырэктар падкрэсліла, што гэты дакумент - не проста пацвярджэнне ведаў, а пропуск у новы этап жыцця, ці то працяг навучання ў профільных класах або паступленне ў каледжы. Таксама, яна выказала словы ўдзячнасці настаўнікам і бацькам за выхаванне дзяцей!
Выпускнікі, у сваю чаргу, выказалі шчырую падзяку настаўнікам за цярпенне, мудрасць і падтрымку ў цяжкія моманты падрыхтоўкі да іспытаў.
Сапраўдным музычным падарункам для ўсіх прысутных стала запальнае выступленне артыста беларускай эстрады Сяргея Шмацько!
Святочная атмасфера, цёплыя словы, шчырыя эмоцыі і шчаслівыя ўсмешкі зрабілі гэты дзень па-сапраўднаму незабыўным. Наперадзе ў выпускнікоў новыя вяршыні, важныя рашэнні і вялікія дасягненні, а школьныя гады назаўжды застануцца ў іх памяці як час сяброўства, ведаў і яркіх уражанняў!
Паважаныя выпускнікі! Шчыра віншуем вас з заканчэннем базавай школы!
Мы ганарымся вашымі дасягненнямі! Няхай атрыманыя веды ў нашай школе стануць надзейным падмуркам для вашых будучых перамог!



