Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

12.06.26

12 чэрвеня 2026 года ў дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа №60 г.Мінска" прайшоў выпускны вечар.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўручэнню атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі, стала па-сапраўднаму яркай і запамінальнай падзеяй не толькі для саміх выпускнікоў, але і для іх бацькоў, педагогаў і сяброў.

У гэты вечар у актавай зале школы панавала асаблівая атмасфера, напоўнена лёгкім сумам, але ў той жа час і прадчуваннем будучых змен. Прыбраныя юнакі і дзяўчаты, усхваляваныя бацькі, настаўнікі, якія за гады вучобы сталі для дзяцей сапраўднымі сябрамі, — усё нагадвала аб тым, што завяршаецца важны этап школьнага жыцця.

Шмат шчырых віншаванняў і добрых пажаданняў прагучала ў адрас віноўнікаў урачыстасці.
Асабліва цёпла і па-мацярынску звярнулася да выпускнікоў дырэктар школы Ліліяна Мікалаеўна Бубен. Яе словы былі напоўнены гонарам за дзяцей, якія за 11 гадоў навучання здолелі праявіць сябе ў вучобе, спорце, творчасці і грамадскім жыцці школы.

Яна адзначала, што сучасная моладзь — таленавітая, актыўная і мэтанакіраваная, а значыць, у яе ёсць усе магчымасці для дасягнення самых смелых мэт:

"Сёння вы ўступаеце ў дарослае жыццё. Няхай кожны з вас знойдзе сваю справу, рэалізуе ўсе свае мары! Будзьце добрымі, справядлівымі, смелымі людзьмі! Жадаю вам удачы і поспехаў у жыцці!"

Самым хвалюючым момантам цырымоніі стала ўручэнне атэстатаў. Адзін за другім выпускнікі атрымлівалі галоўны дакумент, які пацвярджае паспяховае заканчэнне школы. Для кагосьці гэта быў вынік адзінаццаці гадоў упартай працы, для кагосьці - першы сур'ёзны крок на шляху да будучай прафесіі.

Афіцыйную частку змяніла канцэртная праграма, якую падрыхтавалі выпускнікі разам з класным кіраўніком. Выпускнікі спявалі песні, паказвалі гумарыстычныя сцэнкі, танцавалі, гралі на музычных інструментах, падаравалі гасцям сапраўднае свята і незабыўныя эмоцыі.

З асобым трапятаннем віталі выпускнікі свайго класнага кіраўніка Наталлю Іванаўну Маскалёву:
"Здаецца, толькі ўчора вы пераступілі парог гэтай школы, былі такімі маленькімі і мілымі дзецьмі ... Час праляцеў хутка. У нас з вамі атрымалася добрая, прыгожая школьная гісторыя. Мы разам перажывалі за дастойны вынік у вучобе, разам радаваліся вашым поспехам, рыхтаваліся да мерапрыемстваў і праводзілі іх. Мы падтрымлівалі адзін аднаго. Я ўдзячна вам за гэта. Будзьце смелымі на жыццёвым шляху. Не бойцеся памыляцца. Няўдачы робяць нас мацнейшымі. Шануйце кожнае імгненне жыцця і не забывайце тых, хто побач, - вашых блізкіх. Умейце сябраваць гэтак жа моцна, як вы рабілі гэта ў сценах нашай школы".

Цёплыя словы падзякі ў гэты вечар гучалі і ў адрас бацькоў. Менавіта яны на працягу ўсіх школьных гадоў былі побач са сваімі дзецьмі, падтрымлівалі іх, дапамагалі пераадольваць цяжкасці і радаваліся кожнаму поспеху.

Не засталіся без увагі і педагогі, якія ўклалі ў сваіх вучняў не толькі веды, але і часцінку душы. Дзякуючы іх цярпенню, мудрасці і прафесіяналізму ўчарашнія школьнікі змаглі паспяхова пераадолець адзін з найважнейшых этапаў свайго жыцця.

У гэты вечар было ўсё: шчаслівыя ўсмешкі, кветкі, апладысменты і нават слёзы. Слёзы радасці і лёгкага суму ад растання са школай.

Паважаныя выпускнікі! Няхай атрыманыя веды стануць трывалым падмуркам для будучых поспехаў, а школьныя гады назаўжды застануцца адным з самых светлых і шчаслівых успамінаў у жыцці!

У добры шлях!

Раздзелы сайта