Мабыць, няма іншага свята, якое адзначалася б такім багаццем звычаяў, абрадаў, прыкмет. Звычай «клікаць каляду» вядомы з даўніх часоў: пад вокнамі хат спяваліся калядкі з пажаданнямі дабрабыту ў наступным годзе; славіліся гаспадары, якія ў адказ адорвалі калядоўшчыкаў - каўбасой, салам, пернікамі, пірагамі і рознымі прысмакамі.
Праграма ўключала ў сябе традыцыйныя калядныя гульні, танцы, варожбы і вядома ж вясёлыя песні-калядкі, якія ўслаўляюць гаспадароў за шчодрасць, дабрыню, гасціннасць, нясуць пажаданне здароўя, шчасця і добрага настрою на весь год.
Свята атрымалася маштабным і запамінальным для ўсёй школы. Калядоўшчыкі разам з Казой, Чортам і Цыганкай разыгралі міні-спектакль і ўшанавалі Казу, якая час ад часу губляла прытомнасць і патрабавала яе задобрыць.
Нашы продкі таксама пераапраналіся ў розныя татэмныя жывёлы і птушкі, але абавязковым атрыбутам была Калядная зорка. Каза ж сімвалізавала год, які памірае і нанова нараджаецца.
Варта адзначыць, што перад мерапрыемствам настаўнікі музычнай накіраванасці адказна ўпрыгожвалі актавую залу, рыхтаваліся да гасцей.
Новы год трэба сустракаць з парадкам не толькі ў хаце, але і на душы: прасіць прабачэня ў тых, каго пакрыўдзілі, разлічвацца з даўгамі, рабіць толькі добрыя справы.
Таленавітых калядоўшчыкаў шчодра ўзнагароджвалі апладысментамі і салодкімі пачастункамі, якіх назбіраўся цэлы мех.
Такім чынам, вучні даведаліся не толькі пра гісторыю свята, узгадаўшы прыкметы і павер’і, абрады і традыцыі, але і праявілі творчыя здольнасці — акцёрскае, аратарскае, пеўчае і танцавальнае майстэрства.
Спадзяёмся, што пад святлом Каляднай зоркі наступны год будзе шчодрым на пазітыў, а пажаданні Калядоўшчыкаў спраўдзяцца ў поўнай меры!
З надыходзячым Новым годам і Калядамі, шаноўныя сябры!



