Выпускны вечар - гэта апошняе свята дзяцінства і першы крок у новае, дарослае, жыццё. На парозе гэтага вялікага жыцця кожны выпускнік поўны надзей і жаданняў, кожны ўпэўнены, што здолее пакарыць увесь свет.
22 навучэнца, якія яшчэ ўчора былі школьнікамі, у гэты вечар атрымалі атэстаты сталасці. Сярод іх ёсць прызёры алімпіяд, актывісты і проста тыя, хто даказаў, што стараннасць і любоў да ведаў заўсёды ўзнагароджваюцца.
Ганаровы госць выпускнога вечара - другі сакратар Маскоўскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Адамсан Вераніка Сяргееўна цёпла павіншавала выпускнікоў з заканчэннем навучальнай установы і сказала шмат добрых слоў у адрас педагогаў і бацькоў навучэнцаў.
Павіншавала выпускнікоў і дырэктар школы - Ліліяна Мікалаеўна Бубен: «Сёння мы адпраўляем у дарослае жыццё нашых выпускнікоў. Пройдзены гады ўпартай працы, яркіх адкрыццяў, школьнага сяброўства. Кожны з вас падарыў часцінку сябе школе, а школа падарыла вам веды, верных сяброў, жыццёвыя каштоўнасці. Вам адчыненыя любыя дарогі, і важна ісці па абранай, не баяцца новага. Няхай ваша будучыня будзе светлай! У добры шлях!»
Гледзячы на выпускнікоў, усміхаецца, не хаваючы хвалявання, і класны кіраўнік 11 "А" класа Людміла Васільеўна Крыловіч:
"Шмат гадоў таму да мяне ў клас прыйшлі маленькія хлапчукі і дзяўчынкі, і вось сёння яны ўступаюць у дарослае жыццё. Паспяховыя, прыгожыя, мэтанакіраваныя, гатовыя пакараць свет. Хачу пажадаць ім самага галоўнага: не баяцца. Не баяцца ісці наперад, эксперыментаваць і выбіраць свой шлях. Няхай яны знойдуць верных і надзейных сяброў, якія будуць падтрымліваць іх на гэтым займальным шляху. Наперадзе - мноства магчымасцяў, і я веру, што кожны з іх знойдзе сваё месца ў гэтым свеце".
Выпускны - кранальнае мерапрыемства. Асабліва для бацькоў. Нават таты не ў сілах былі стрымаць слёзы радасці, калі ў іх адрас гучалі словы падзякі за дачок і сыноў.
Ад бацькоў учорашніх школьнікаў павіншавала Святлана Віктараўна Мергес. Яна пажадала выпускнікам, каб урокі, якія ім давалі блізкія людзі і педагогі, дапамаглі не збіцца з правільнага шляху, каб у любой сітуацыі яны заставаліся людзьмі і не гублялі чалавечы гонар і годнасць:
"Жадаем вам, дзеці, каб вы былі лепшымі, чым мы, і ўзляцелі вышэй за нас. Мы пастараліся зрабіць усё, каб ваша дзяцінства было шчаслівым, каб успамінаючы яго, вы ўспаміналі тое месца, дзе вас любяць больш за ўсіх, каб вы заўсёды маглі разлічваць на бацькоўскую дапамогу і падтрымку. Мы верым у вас, дарагія нашы дзеці, і ўпэўненыя, што ажыццявяцца ўсе вашыя мары"
Пасля наказу нядаўнім школьнікам, Святлана Віктараўна падзякавала настаўнікам за іх вялікую працу і цярпенне: "Няхай лёс радуе вас добрымі вучнямі! Здароўя і простага чалавечага шчасця Вам!"
У адказ выпускнікі падзякавалі бацькам і педагогам за веру ў іх, за падораную магчымасць жыць у незалежнай і квітнеючай краіне, якую паабяцалі захаваць, развіваць і ўмацоўваць.
Творчыя нумары, песні, сцэнкі пра школьнае жыццё, кранальныя вершы і прыгожы выпускны вальс сталі цудоўным аздабленнем вечара. Парог у дарослае жыццё быў пераадолены - і наперадзе яшчэ столькі здзяйсненняў…
Дарагія выпускнікі!
Жадаем вам рэалізацыі бліжэйшых планаў, залічэння ў выбраныя вамі ўстановы адукацыі! Няхай усё ў жыцці складзецца так, як вы пра гэта марыце сёння. Вядома, для гэтага трэба шмат і якасна працаваць. Не забывайце тую школу, у якой вы атрымалі не толькі веды. Кожны з педагогаў уклаў у вас часцінку сваёй душы. І сыходзячы са школы, вы выносіце гэтыя часцінкі з сабой. Не разгубіце іх.
Поспехаў вам і ўдачы!!!





