Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Прафілактыка ВІЧ

Дзяржпраграма прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гады зацверджана Урадам Беларусі

Дзяржаўная праграма прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гады зацверджана Урадам Беларусі. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 4 сакавіка 2011 года нумар 269.

Дзяржаўная праграма прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гады распрацавана ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі, якія рэгламентуюць аказанне медыцынскай дапамогі, правядзенне проціэпідэмічных і прафілактычных мерапрыемстваў у галіне ВІЧ-інфекцыі.

Праграма накіравана на стрыманне распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі, зніжэнне смяротнасці ад СНІДу. Сярод асноўных мерапрыемстваў - лячэбна-дыягнастычная і сацыяльна-псіхалагічная дапамога, прафілактыка, а таксама ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый аховы здароўя.

З пачатку эпідэміі ў свеце вірусам імунадэфіцыту чалавека заразіліся амаль 60 млн. чалавек, больш як 25 млн. - памерлі. У Беларусі праблемай ВІЧ/СНІДу закранута 0,09 працэнта насельніцтва (паказчык распаўсюджанасці складае 100,4 на 100 тыс. чалавек). На 1 студзеня бягучага года зарэгістравана 11 тыс. 759 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з гэтай колькасці памерлі 2 тыс. 244 чалавекі, у тым ліку ад СНІДу - 1 тыс. 172. 

Рэалізацыя папярэдняй пяцігадовай Дзяржпраграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі дала магчымасць дасягнуць пэўных пазітыўных вынікаў. Разам з тым, як паказаў аналіз сітуацыі ў галіне ВІЧ/СНІДу, застаюцца праблемы, якія патрабуюць вырашэння ў рамках новай Дзяржаўнай праграмы. Так, адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння ўдзельнай вагі палавога шляху перадачы ВІЧ (з 63,4 працэнта ў 2006 годзе да 75,1 працэнта ў 2010 годзе). Павялічваецца доля ВІЧ-інфіцыраваных жанчын (з 46,6 працэнта да 47,3 працэнта адпаведна). Як вынік, расце колькасць дзяцей, народжаных ВІЧ-інфіцыраванымі маці. Значна вырас паказчык захваральнасці на СНІД сярод насельніцтва (з 3,1 на 100 тыс. чалавек у 2006 годзе да 6,5 у 2010 годзе).

Рэалізацыя мерапрыемстваў новай Дзяржаўнай праграмы дасць магчымасць прадаставіць антырэтравірусную тэрапію 95 працэнтам ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў, што будзе садзейнічаць павышэнню якасці і павелічэнню працягласці іх жыцця. ВІЧ-інфіцыраваным цяжарным жанчынам і дзецям, народжаным імі, будуць прадастаўляцца сучасныя сродкі прафілактыкі вертыкальнай перадачы ВІЧ, што знізіць рызыку інфіцыравання дзяцей да 2 працэнтаў. Праграмамі прафілактыкі будуць ахоплены да 80 працэнтаў спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў; да 45,7 працэнта мужчын, якія маюць сексуальныя адносіны ў мужчынамі; да 50 працэнтаў уключаных у секс-бізнес жанчын; да 100 працэнтаў асуджаных да пазбаўлення волі (гэта найбольш схільныя да заражэння такой інфекцыяй групы насельніцтва). Што датычыцца маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў, то ахоп гэтай аўдыторыі прафілактычнымі мерапрыемствамі павялічыцца да 86 працэнтаў. Інфармацыйна-асветнай работай будуць займацца 75 працэнтаў устаноў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці.

Сярод важных задач Дзяржпраграмы - стварэнне спрыяльных умоў для забеспячэння доступу насельніцтва да паслуг па прафілактыцы ВІЧ, а таксама прадастаўленне ВІЧ-інфіцыраваным пастаяннага і роўнага доступу да лячэння, догляду і падтрымкі. Будзе ўдасканалена нацыянальная сістэма маніторынгу і ацэнкі сітуацыі па ВІЧ/СНІДу, умацаваны кадравы патэнцыял у галіне прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. 

Трэба адзначыць, што да рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржпраграмы могуць прыцягвацца грамадскія аб'яднанні, якія з'яўляюцца выканаўцамі мерапрыемстваў праектаў Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (ГФ).

На рэалізацыю Дзяржпраграмы будзе накіравана Br174 млрд. 948,1 млн., у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту - Br40 млрд. 637,8 млн., з мясцовых бюджэтаў - Br13 млрд. 44,3 млн., іншых крыніц (сродкі ГФ) - Br121 млрд. 266 млн.

Дзяржпраграмай прадугледжваюцца закупкі за кошт рэспубліканскага бюджэту імпартных вырабаў медыцынскага прызначэння, лекавых прэпаратаў для арганізацый аховы здароўя, медыцынскай тэхнікі. Закупкі па імпарту складуць 22,9 працэнта агульнай сумы сродкаў, прадугледжаных на рэалізацыю дзяржпраграмы, у тым ліку на закупку антырэтравірусных прэпаратаў будзе зрасходавана Br21 млрд. 856,1 млн., тэст-сістэм - Br13 млрд. 148,6 млн., абсталявання - Br5 млрд. 21 млн. Прымяненне антырэтравірусных прэпаратаў дасць магчымасць павялічыць працягласць і якасць жыцця ВІЧ-інфіцыраваных людзей, знізіць рызыку перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці, а таксама ўзровень смяротнасці ад СНІДу. Перааснашчэнне арганізацый аховы здароўя сучасным дыягнастычным медыцынскім абсталяваннем і закупка тэст-сістэм неабходны для выяўлення новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, маніторынгу лячэння СНІДу і тэсціравання донарскай крыві. Імпартнае абсталяванне плануецца закупляць у нязначных аб'ёмах, у сувязі з гэтым арганізацыя яго вытворчасці ў рэспубліцы эканамічна немэтазгодная.

Надрукавана з сайта www.government.gov.by
Адрас публікацыі http://www.government.gov.by/be/solutions/1595


У структурных падраздзяленнях Мінаблвыканкама створана сістэма работы па прафілактыцы ВІЧ/СНІД. Прымаюцца меры па прафілактыцы інфекцыі.

Важна дапамагчы людзям пазбавіцца ад няправільных штампаў і стэрэатыпаў, якія фарміраваліся гадамі.Напрыклад, тэхналогіі запалохвання прызнаны безвыніковымі, бо яны не толькі не працуюць у плане прафілактыкі, але і нагнятаюць спідафобію, спрыяюць адпрэчванню грамадствам праблемы, а ВІЧ-станоўчых людзей часта могуць паставіць у ролю ізгояў.

Нягледзячы на даволі высокія веды сучасных людзей пра шляхі перадачы ВІЧ, некаторыя практыкуюць небяспечныя сэксуальныя паводзіны. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя амаладжэння ўзросту першага сэксуальнага кантакту (у 2011 годзе ўзрост пачатку палавога жыцця склаў 17 гадоў).

У Мінскай вобласці развіццё эпідэміі ўдаецца стрымліваць, аднак сітуацыю нельга назваць станоўчай. На 1 кастрычніка ў вобласці зарэгістравана 1927 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, што складае 13,9% ад агульнай колькасці ВІЧ-інфекцыі ў рэспубліцы. За 9 месяцаў  ВІЧ-інфекцыя зарэгістравана ў 163 чалавек, за аналагічны перыяд мінулага года ў 156 чалавек. Большы ўзровень захворвання ВІЧ рэгіструецца ў раёнах з высокімі паказчыкамі наркаспажывання (Салігорскі, Барысаўскі, Мінскі, Пухавіцкі і г. Жодзіна).

Па стане на 01.10.2012 года Мінская вобласць знаходзіцца на другім месцы (пасля Гомельскай вобласці) сярод рэгіёнаў рэспублікі па паказчыку распаўсюджанасці ВІЧ-інфекцыі. На трэцім месцы (пасля Гомельскай вобласці і Мінска) па колькасці зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. На чацвёртым (пасля Брэсцкай вобласці (30,3 %), Гродзенскай (13,9 %), Віцебскай (8,5%) па тэмпе прыросту ВІЧ-інфекцыі.

Сёння ў кожным раёне вобласці ёсць людзі, якія жывуць з ВІЧ. У 2012 годзе найбольшая колькасць выпадкаў ВІЧ-інфекцыі зарэгістравана ў Салігорскім раёне – 92 чалавекі, у Барысаўскім –14, у г. Жодзіна – 7, у Пухавіцкім, Стаўбцоўскім – па 6 чалавек, у Слуцкім –13.

За апошнія 10 гадоў узровень зноў выяўленых выпадкаў заражэння ВІЧ сярод моладзі ўпаў у 8 разоў. Гэта звязана з прафілактычнай работай, а таксама з арганізацыяй вольнага часу моладзі. За 9 месяцаў 2012 года ва ўзроставай групе 15-19 гадоў зарэгістраваны 4 выпадкі ВІЧ, што складае 2,5 %, 19 выпадкаў ва ўзроставай групе 20-24 – 11,7%.

У эпідэмічны працэс, галоўным чынам, трапіла насельніцтва працаздольнага ўзросту. Аднак за апошнія гады выпадкі ВІЧ-інфекцыі ўсё часцей рэгіструюцца сярод больш старэйшых узроставых груп. Адзначаецца «фемінізацыя» працэсу захворвання. Сярод інфіцыраваных, выяўленых за 9 месяцаў удзельная вага жанчын склала 44%.

Асвета – гэта вакцына ад ВІЧ. У сувязі з гэтым, адным з ключавых кампанентаў прафілактыкі, як сярод неспрыяльных груп, так і сярод шырокіх слаёў насельніцтва павінна быць рэалізацыя комплекснай інфармацыйна-асветніцкай кампаніі, накіраванай на шырокае інфармаванне насельніцтва пра ВІЧ-інфекцыі, пра шляхі яе распаўсюджвання і прафілактычныя меры.

Рашэннем Мінаблвыканкама зацверджаны мерапрыемствы па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гады ў Мінскай вобласці. На раённым узроўні рэалізацыя ажыццяўляецца ў рамках рэгіянальных мерапрыемстваў.

На абласным і раённых узроўнях створаны адзіныя каардынацыйныя органы – міжведамасныя саветы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных хвароб.

У Беларусі пражывае больш 10 000 людзей, у якіх выяўлены ВІЧ. Аднак, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, можа дасягаць 18-25 тысяч чалавек.

І гэта звязана ў першую чаргу з тым, што ад моманту інфіцыравання і да з’яўлення клінічных сімптомаў можа прайсці вялікі прамежак часу – 10-15 гадоў.

Наяўнасць ВІЧ-інфекцыі ў арганізме можа вызначыць толькі лабараторны тэст. Па статыстыцы, кожны дзень у Беларусі заражаюцца 3-4 чалавекі.

 Крыніца: http://psl.by/?p=10103

Разделы сайта